Our Mythical Childhood...

The Reception of Classical Antiquity in Children’s and Young Adults’ Culture in Response to Regional and Global Challenges

Ірыда – багіня вясёлкі

З радасцю дзелімся з Вамі першым мультфільмам, падрыхтаваным др. Соняй Нэвін [Dr Sonya Nevin] і Стывам Саймансам [Steve Simons] (Універсітэт Рахэмптан [University of Roehampton] / Вазы Паноплія анімацыйны праект [Panoply Vase Animation Project]).

Вясёлкі – сапраўдная прагажосць, каляровыя дугі, што ўзнікаюць у нябёсах. Адкуль яны бяруцца? Што азначаюць для цябе? Што значаць для іншых? Хто такая Ірыда?

Паводле старажытных грэкаў, вясёлкі былі створаныя Ірыдай, багіняй вясёлак. Ірыда – багіня-вястунка. Яна носіць пасланні ад аднаго бога іншаму, асабліва пасланні Зеўса і Геры. Яна мае крылы і можа лётаць хутка і далёка. Калі яна ляціць, то пакідае за сабою вясёлкі – сляды праз усё неба наўсцяж!

Вясёлкі ўзнікаюць, калі кроплі дажджу раздяляюць белае святло сонца на розныя колеры, з якіх яно складаецца (гл. малюнак ніжэй, з дазволу MetService Blog). Менавіта таму мы бачым вясёлкі, толькі калі вільготна і сонечна. У паўночнай Еўропе, дзе часта бывае дажджыста і шэра, вясёлкі ўспрымаюцца як знак надзеі. Радаснае пачуццё “Ура! Сонейка выглянула!” паўплывала на тое, што людзі ўспрымаюць іх вельмі пазітыўна.

У старажытнай Грэцыі, дзе было пераважна сонечна, вясёлкі не заўсёды бачыліся такімі пазітыўнымі – гэта быў знак бур і штормаў, што прыйшлі або набліжаліся. 

З гэтай прычыны некаторыя грэкі разумелі вясёлкі як знак праблемаў. У “Іліядзе” вялікі Зеўс пасылае вясёлкі на знак таго, што набліжаецца вайна або навальніца, якая напалохае ўсю хатнюю жывёлу (Гамер, Іліяда, 17.547). Ірыда называецца ἀελλόπους “шторманогай” або ποδήνεμος ὠκέα “ветрастопай”, бо прыносіла з сабой буры. Паэт Гесіёд нават кажа, што Ірыда была сястрой жахлівых Гарпій (Тэагонія, 265). Аднак яе пасланні былі дапаможнымі, часам нават для людзей. Яна паклікала Ахіла дапамагчы Патроклу (Іліяда, 18.165). Яна заклікала вятры дапамагчы Ахілу распаліць пахавальнае вогнішча Патрокла (Іліяда, 23.198). У час, калі мы так лёгка можам перасылаць весткі на блізкую і нават на далёкую адлегласць, варта ўзгадаць, якімі цудоўнымі могуць падавацца хуткасныя пасланні. 

Гэты мультфільм створаны на падставе вазы, зробленай у Афінах каля 450 г. да н.э. Ваза мае дзве ручкі з бакоў і трэцюю ззаду, і гэта падказвае нам, што гэта гідрыя – ваза для вады. Ваза знаходзіцца цяпер у Нацыянальным музеі ў Варшаве, у Польшчы (№ 142289).

На вазе выяўлена Ірыда, якая толькі прызямлілася або збіраецца ўзняцца ў паветра: яе калені лёгка сагнутыя, крылы ўзнятыя. Яе сукенка зроблена так далікатна, што, здаецца, мы бачым пад ёй ногі. У руцэ яна нясе кій вястункі – знак пасланніцы. Яе крылы прыгожа закампанаваныя, так што ўпісваюцца ў рагі вазы. Галава павернута ў адзін бок – мастак проста хваліцца сваім майстэрствам! У мультфільме мы чуем дождж і пачатак буры –ідэальныя ўмовы для Ірыды. Яна вялікая? Малая? Яна ўсё, што заўгодна, бо яна – Ірыда, багіня вясёлкі.

Якую вестку нясе Ірыда, на твой погляд?

Якое пасланне ты б разаслаў на ўвесь свет?

Навошта пасланнікам патрэбны спецыяльныя кіі, як ты лічыш?

Якія пачуцці выклікае ў цябе вясёлка?


Калі ты хочаш пачытаць гісторыі, у якіх з’яўляецца Ірыда, то пост Ліз Хэйл (Liz Hale) з блогу Антыподава Адысея (Antipodean Odyssey) распавядзе пра розныя варыянты. 

Калі ты хочаш прачытаць больш пра стварэнне гэтага мультфільма, наведай блог анімацыйнага праекту Вазы Паноплія [Panoply Vase Animation Project]. 

Можа, табе хацелася б размаляваць Ірыду?

Калі ты выражаш яе, то зможаш нават зрабіць з яе гіфку:

Ніжэй два шаблоны з Ірыдай – ствары сваю ўласную багіню вясёлкі!






Запрашаем дзяліцца з намі вашымі Ірыдамі па электроннай пошце strycharczyk@al.uw.edu.pl. Найлепшыя працы мы апублікуем на нашым сайце.

Няхай надзея будзе з Вамі, заўжды!

Аўтар тэксту – Соня Нэвін, пераклад на беларускую мову Ганны Паўлоўскай, рэдакцыя Марыі Пушкінай.